СЛУ́ЦКАЯ ГІМНА́ЗІЯ, Слуцкая кальвінісцкая гімназія,

сярэдняя навуч. ўстанова ў г. Слуцк у 1617—1918. Засн. 20.5.1617 кн. Янушам Радзівілам пры кальвінісцкім зборы. Падпарадкоўвалася суперінтэнданту евангелічных цэркваў Навагрудскага пав. У 17 — сярэдзіне 18 ст. праграма нагадвала курс езуіцкіх калегіумаў, навуч. курс складаўся з 4 класаў з 2-гадовым тэрмінам кожны. Навучанне вялося на польскай мове (малодшыя класы) і на латыні (старэйшыя класы). Выкладаліся лац., стараж.-яўр., стараж.-грэч., ням. і польск. мовы, асновы логікі, рыторыкі, права, гісторыя, матэматыка, фізіка, музыка, гімнастыка, фехтаванне, спевы. Практыкаваліся дыспуты, ставіліся тэатр. пастаноўкі. Гімназія мела трывалыя сувязі з ун-тамі Гайдэльберга, Кёнігсберга, Берліна, Франкфурта-на-Одэры, Марбурга, Лейдэна, Эдынбурга і Оксфарда (туды пасылалі на вучобу лепшых выпускнікоў). Згодна са статутамі 1628 і 1679 у гімназію прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў і веравызнанняў (практычна пераважалі дзеці пратэстанцкай шляхты). У выніку войнаў і палітыкі контррэфармацыі ў 2-й пал. 17 ст. гімназія прыйшла ў заняпад. У 1775 яна рэарганізавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі Адукацыйнай камісіі. З 1778 С.г. — публічнае евангелічнае вучылішча, з 1809—4-класнае павятовае вучылішча ў сумесным падпарадкаванні Евангелічна-Рэфармацкага (кальвінісцкага) сінода і Віленскай навучальнай акругі, у 1828 пераўтворана ў 6-класную гімназію. Навучанне бясплатнае, кожны год прымалася 150 выхаванцаў. У 1840—56 выкладанне пераведзена на рус. мову. З-за абвінавачванняў ва ўдзеле ў паўстанні 1863—64 з 404 яго выхаванцаў 281 быў выключаны. У 1868 выведзена з-пад улады кальвінісцкай царквы і пераўтворана ў класічную 7-класную рус. гімназію ў ведамстве Віленскай навуч. акругі. У 1875 адкрыты 8-ы клас. У 1872 вучылася 228 чал., у 1880—325, у 1890—283, 1901—228, у 1915—461 вучань. Утрымлівалася на сродкі гар. казны, збораў за навучанне, працэнтаў з уласнага фундушу. Пед. калектыў уключаў дырэктара, інспектара, 17 выкладчыкаў, 3 памочнікаў класных настаўнікаў, урача і дантыста (пераважна выпускнікі ун-таў, духоўных акадэмій, Мінскай духоўнай семінарыі, настаўніцкіх семінарый Маладзечна, Нясвіжа, Свіслачы). З 1874 пры гімназіі дзейнічала метэаралагічная станцыя; пазней — фізічны, прыродазнаўчы і гіст.-геагр. кабінеты, б-ка. Сярод выхаванцаў гімназіі былі вядомыя дзеячы бел., рус. і польск. культуры: А.​А.​Аскерка, Я.​Х.​Белабоцкі, С.​І.​Богуш-Сестранцэвіч, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, І.​Ф.​Капіевіч, медык А.​Я.​Красоўскі, астраном В.​К.​Цэраскі і інш.

Літ.:

Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;

Глебов И. Историческая записка о Слуцкой гимназии с 1617—1630—1901 гг. Вильна, 1903;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Родченко Г.В. Старейшая школа Белоруссии // Педагогика и психология. Вып. 9. Вопросы истории и педагогики в БССР. Мн., 1976.

С.​В.​Казуля, А.​Ф.​Самусік.

т. 15, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)